ТУНГУ́СКІ МЕТЭАРЫ́Т,
касмічнае цела, выбух якога адбыўся 30.6.1908 у басейне р. Падкаменная Тунгуска. Паводле тэарэт. ацэнак меў масу 1 млн. т і рухаўся са скорасцю 60 км/с. Палёт вогненнага шара (баліда) назіраўся з адлегласці 1500 км, выбух быў чуцен на 1200 км ад месца катастрофы. Паветраная і сейсмічная хвалі, а таксама ўзбурэнні магн. поля Зямлі зарэгістраваны ў розных месцах зямнога шара. У ноч пасля падзення Т.м. на вял. тэр. Еўропы і Азіі небасхіл быў такі светлы, што на ім не было відаць зорак. На плошчы каля 2000 км², спустошанай ударнай хваляй, не было знойдзена метэарытных асколкаў. Найб. абгрунтавана меркаванне: тунгуская катастрофа — вынік сутыкнення з Зямлёй невял. каметы, ядро якой зведала надземны цеплавы выбух, а рэчыва хваста абумовіла свячэнне неба на вял. тэрыторыі.
т. 16, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)